Ці сустрэнуцца Зяленскі з Ціханоўскай?
Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда адказвае на пытаньне, ці сапраўды Кіеў чакае ўварваньня з тэрыторыі Беларусі, прагназуе, ці адбудзецца сёлета сустрэча Ціханоўскай зь Зяленскім, і тлумачыць, як зараз успрымае беларусаў звычайны ўкраінец.
Магда: Я думаю, што Ціханоўская і Зяленскі ў 2023 годзе не сустрэнуцца, і для гэтага бачу некалькі прычын. Па-першае, афіцыйны Кіеў ня мае дакладнай стратэгіі і палітыкі адносна Беларусі. Мне прыкра гэта канстатаваць, але, узяўшы ўдзел у шэрагу беларуска-ўкраінскіх мерапрыемстваў, я ў гэтым яшчэ раз пераканаўся.
Па-другое. Паводле маіх назіраньняў, афіцыйны Кіеў, прынамсі каманда Зяленскага, робіць стаўку на полк імя Каліноўскага. Паколькі гэтыя людзі рэальна ваююць за Ўкраіну. Зайграе сваю ролю і тое, што Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь Пятром Парашэнкам, у якога ня самыя лепшыя адносіны зь Зяленскім.
У цэлым я не прыхільнік таго, каб выбіраць нейкую адну фігуру з усяго спэктру беларускай палітыкі. Я лічу, што Ўкраіна мае весьці дыялёг з усімі дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта можа быць дыялёг інстытуцыйны, дыялёг пра будучыню нашых адносін зь Беларусьсю. Але кантактаваць выключна зь Ціханоўскай — на гэта Ўкраіна ня пойдзе.
Але нават калі Ўкраіна не гатовая стасавацца выключна зь Ціханоўскай, яна павінна дакладна сказаць, што шукаць агульнай мовы з Лукашэнкам мы больш ня будзем. Гэта павінна прагучаць максымальна выразна.
https://rferl.link/aL3Y